ФО́СФАРУ АКСІ́ДЫ,
хімічная злучэнні фосфару з кіслародам. Найб. пашыраны гексааксід тэтрафосфару (P4O6) і дэкааксід тэтрафосфару (P4O10).
Гексааксід тэтрафосфару — белыя камякі або крышталі, з непрыемным пахам, шчыльн. 2135 кг/м³, tпл — 23,9 °C, tкіп — 174 °C. Пры т-ры больш за 200 °C раскладаецца з частковым адшчапленнем элементарнага (чырв.) фосфару і розных аксідаў (P4O8, P4O10). Добра раствараецца ў арган. растваральніках (напр., бензоле). У звычайных умовах павольна акісляецца да дэкааксіду тэтрафосфару; яго халодныя водныя растворы — фосфарныя кіслоты. Утвараецца пры спальванні фосфару з абмежаваным доступам сухога паветра. Выкарыстоўваецца ў арган. сінтэзе. Дэкааксід тэтрафосфару — бясколернае аморфнае, шклопадобнае або крышт. рэчыва. Мае 2 метастабільныя крышт. мадыфікацыі (Н-форма, О-форма), якія адрозніваюцца шчыльнасцю, т-рамі плаўлення і кіпення. Вельмі гіграскапічны (Н-форма паглынае ваду з выбухам; эфектыўны асушальнік). З сухім і вільготным аміякам утварае фасфаты амонію. Пад уздзеяннем святла люмінесцыруе. У прам-сці атрымліваюць спальваннем элементарнага фосфару ў лішку сухога паветра з наступнай кандэнсацыяй цвёрдага прадукту з пары. Выкарыстоўваецца ў арган. сінтэзе і вытв-сці фасфатнага шкла, прамежкавы прадукт у вытв-сці фосфарнай к-ты тэрмічным спосабам і інш. Ф.а. таксічныя, раздражняюць слізістыя абалонкі, выклікаюць апёкі скуры, ГДК у атм. паветры 0,05 мг/м³.
Т.І.Жукоўская.
т. 16, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)